У часы незалежнасці Мінск нарэшце адчуў сябе сталіцай краіны, а не губернскім горадам.
З’явілася шмат невялікіх кавярняў, таму вуліцы ды падземныя пераходы, якія раней былі брыдкавонныя, паступова пачынаюць пахнуць кавай, як у цывілізаваным cталічным горадзе.
Але гарадскую культуру, а тым больш культуру сталічную, не сфармаваць толькі пахам кавы. Пры гэтым яна хуткаплынна змяняецца.
У еўрапейскіх гарадах даўней асаблівым шыкам было сесці ў кавярні і разгарнуць свежую газету.
Уявім і мы сабе такую гарадскую сцэну.
Разгарнуць давядзецца беларускія газеты, на якія нам прапаноўваюць падпісацца праз Каталог друкаваных СМІ РБ на 2020 г.
– Каву, калі ласка і свежы нумар…
– Як заўсёды “Зары над Друццю”?
Ці “Зары над Сожам”?
Ёсць і “Заря над Бугом”.
– А “Голас Любаншчыны” ці ёсць?
Якія яшчэ ў вас ёсць сённяшнія “Галасы”?
– “Голас Касцюкоўшчыны”, калі жадаеце. Або ўчарашні “Голас Сенненшчыны”.
“Голас Радзімы” і “Клiч Радзiмы” мы не выпісваем.
– Ну, а “Голас часу”?
– У камплекце з “Ганцавіцкім часам”.
– Добра, усе “галасы”, што ў вас ёсць, і экспрэса.
Вы сядаеце пры свабодным століку, а навокал наведавальнікі закрылі твары рознымі разгорнутымі газетамі.
Некаторыя каваманы, праўда, чытаюць прэсу праз планшэт у электроннай версіі.
Адзін спадар рэгулярна гартае “Вольнае Глыбокае” ды “Варяг-пресс”.
Той, што не п’е каву, а заўсёды замаўляе сабе гарбату з шасцю лыжкамі цукру, катэгарычна абірае толькі клецкае выданне “Да новых перамог”, дзе беларускай (звярніце ўвагу на рэалію!) з’яўляецца выключна назва, а матэрыял ідзе на рускай мове.
“Клетчан” інфармуюць пра “смотр-конкурс на лучшее новогоднее оформление улиц”, пра “областной новогодний бал с участием активистов-общественников и суворовцев-кадетов”, адзначаючы, што
“ни один участник бала не остался без новогоднего подарка, а главное – внимания со стороны руководства области”.
Уявім, што аўторкамі і пятніцамі ў гарадскіх беларускіх кавярнях актыўна чытаюцца “Магілёўскія ведамасці”.
Ужо ад снежня 1990 г. буйное абласное выданне носіць ганаровую расейскую губернскую назву “ведамасці”, але чамусьці зноў-такі транслітараваную на беларускую мову, хоць газета выходзіць па-руску.
– Якімі пацешыце ведамасцямі? – пытаецца ў сталічнай кавярні стары панок з сівой бародкай выгляду ХІХ ст. – Баюся, што “Магілёўскія ведамасці” ўжо расхапалі? А “Гомельские ведомости” засталіся?
Чытаць штодня “ведамасці” па-руску – гэта завядзёнка яго сям’і з часоў Расійскай імперыі. Бо раней, з 1838 па 1915 г.г., у нашай старонцы выдаваўся тыднёвік “Гродненские губернские ведомости», з 1838 па 1917 г.г. – “Минские губернские ведомости”.
Стары панок вельмі спадзяецца, што “ведомостная” традыцыя працягнецца.
– На сёння з ведамасцяў засталіся толькі “Ведомости Минской митрополии” , – ветліва адказвае афіцыянтка.
– Велите подать-с?
Гэта месячны часопіс, што ад 2013 г. выходзіць “па благаславенні Высокапраасвяшчэнэннага Паўла, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі”.
Здаецца засталіся яшчэ штомесячныя газеты “Гродненские епархиальные ведомости”, адноўленыя ў 1992 г., і можа пашукаю для вас экземплярчык “Новогрудских епархиальных ведомостей”, якія, вядома ж, маюць грыф «Одобрено Синодальным информационным отделом Русской Православной Церкви».
– Несите всё и русский чай в подстаканничке, – замаўляе панок.
Ва ўмовах гарадской роўнасці нават у СМІ вытрымліваецца прынцып “Богу – богава, кесару – кесарава, калійшчыку – калійшчыкава, зваршчыку – зваршчыкава”.
Таму ў кутку нехта замовіў каву-латэ і ўважліва чытае газету “Калійшчык Салігорска”.
Быў, праўда, інцыдэнт, калі кліент з простага люду, не зразумеўшы спецыфіку краёвага двухмоўя, доўга абураўся, чаму газета насамрэч выходзіць не па-беларуску, а толькі прыкрываецца беларускай назвай?
Потым гэты прысталічны скандаліст тупаў нагамі і абураўся, чаму ў нумары “Калійшчыка Салігорска” ад 26.06.2019 г. апублікаваны зварот: “Дорогие ветераны Великой Отечественной войны, партизаны и подпольщики, труженики тыла! Уважаемые работники ОАО “Беларуськалий”! Ён дачапіўся да бармэна ў кавярні і роў: “Дзе гэтыя партызаны і падпольшчыкі і пра які тыл вядзецца?”
– Што вас здзіўляе? – супакойваў яго бармэн. – Сярод сталых членаў нашага газетнага клубу нямала ветэранаў савецкай эпохі! – патрос ён стосам свежых газет з тытуламі “Савецкае Палессе”, “Савецкая вёска”, “Сцяг Саветаў”,
“Сцяг Перамогi”, “Чырвоны сцяг”, “Светлае жыццё”, “Светлы Шлях”, “Шлях Кастрычніка” і “Святло Кастрычніка”.
– Не жадаеце пачытаць?
– А што тут робяць зваршчыкі? – не здаваўся прысталічны скандаліст, бо зваршчыкі пілі каву са сваім прафесійным часопісам “Сварщик в Белоруссии. Всё о сварке и для сварки”.
– У нас усе з асалодай п’юць каву і чытаюць свежыя грамадска-палітычныя выданні, як у цывілізаваным грамадстве. Не перашкаджайце зваршчыкам, – папрасіў яго бармэн.
– Тады нагадайце ім самі, – запальчыва дадаў скандаліст, – што нашая краіна называецца “Беларусь”, а не “Белоруссія”, ды і “сварка” па-беларуску мае іншае значэнне.
Уявім сабе, што ў адказ рассмяяўся свядомы беларус, што сядзеў сярод наведавальнікаў і піў сабе каву з беларускім бальзамам, схіліўшыся над глыбінямі “Прыпяцкай Праўды”:
– Каго турбуе іншае значэнне, шаноўны? Галоўнае – змест! Папрасіце падшыўку так званай “Чырвонкі”. Адна з найстарэйшых моладзевых газет Беларусі!
У космасе пабывала!
Але страшна сказаць, што першы беларускі касманаўт лётаў з “Чырвонкай” у космас.
Абодва зарагаталі.
Бо “чырвонка” па-беларуску ўсяго толькі “краснуха”. І тое пацвярджаюць слоўнікі! А хоць бы і пераклад расейскага дзіцячага бэстселера Карнея Чукоўскага “Доктар Айбаліць” – “Чырвонка і бранхіт у іх”…
– Гэтым разам усё чыста па-беларуску. І назва, і змест. Дадатак да газеты “Звязда”. Раней была шляхетнейшая назва – “Чырвоная змена”. Але трагічная тэндэнцыя прывяла яе да такой спрэчнай трансфармацыі. Накшталт “Комсомольская правда” – “Комсомолка”, “Рекламное приложение” – “Рекламка”.
– Няўжо “Коммунист Беларуси” – “Коммуналка”? А як скарочана называюць “Навіны Камянеччыны”?..
Пад вечар у кавярню зайшоў чарговы сталічны аматар папіць кавы з круасанам і газетай ды прамовіў:
– Амерыкана і “The Minsk Times”, калі ласка.
– На жаль, мы зачыняемся, – адрэзаў афіцыянт.