Адносна будучыні Расіі сёння можна сустрэць самыя палярныя меркаванні. Хтосьці ставіцца крайне скептычна да магчымасці яе дэзінтэграцыі, іншыя, наадварот, лічаць, што гэта адбудзецца ледзьве не заўтра (з адпаведнымі картамі падзелу).
У адным з апошніх артыкулаў яго аўтар, Максім Маханькоў, сцярджае, што моўная асіміляцыя народаў Расіі зайшла вельмі далёка і што гэтая дзяржава непазбежна ператвараецца ў монаэтнічную («рускую»), таму ніякага распаду чакаць не даводзіцца. У прыклад прыведзены тры народы. Аднак, па-першае, паказчыкі моўнай асіміляцыі трэба выкарыстоўваць асцярожна, бо размова ідзе ў значнай ступені пра дыяспару, рассеяную па розных рэгіёнах. Яна сапраўды хутка асімілюецца. У астатнім сітуацыя на Каўказе і ў шэрагу іншых рэгіёнаў не настолькі катастрафічная. Рэкардсмены тут чачэнцы ў Чачні, узровень валодання мовай сярод якіх набліжаецца да 100 %. У іншых каўказскіх рэспубліках сярод мясцовых народаў ён складае ад 70 да 96 %, ва ўсіх астатніх моцна адрозніваецца ад рэгіёна да рэгіёна – ад 10 % у Ненецкай аўтаномнай акрузе да 98 % у Туве.
Па-другое, ідэнтычнасць не зводзіцца да мовы. Не меншую, а то і большую ролю адыгрывае рэлігія, уплываюць расавыя адрозненні, нацыянальныя міфы, уклад жыцця. Уявіць сабе ператварэнне каўказскіх народаў у «рускіх» сёння немагчыма. Наадварот, калі не чапаць дыяспару, адбываецца павелічэнне долі тытульных народаў у большасці нацыянальных рэспублік і акругаў, прычым на Каўказе і ў Сібіры – вельмі значнае.

Монаэтнічная большасць сёння існуе ў васьмі рэспубліках: Чачні, Інгушэціі, Паўночнай Асеціі, Кабардзіна-Балкарыі (кабардзінцы – 57 %), Калмыкіі, Татарстане, Чувашыі і Туве. Акрамя таго, у Дагестане і Карачаева-Чаркесіі большасць утвараюць разам некалькі тытульных народаў. Разам з іншымі (нятытульнымі) народамі «няруская» большасць існуе таксама ў Марый Эл, Башкірыі і Якуціі.

У гэтым годзе, як чакаецца, у Якуціі перапіс засведчыць ужо абсалютную перавагу якутаў. Аднак у далейшым новых прынцыповых змен у расійскіх рэгіёнах на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў не прадбачыцца.
Пасля падзення савецкай улады ў многіх расійскіх народаў узніклі ці адрадзіліся нацыянальныя рухі. Але далёка не кожны з іх меў сепаратысцкі ўхіл. Некаторыя нават тэарэтычна не маглі б стварыць дзяржаву – па прычыне іх малалікасці ці дысперснага пражывання. Тым не менш, у шэрагу народаў склаліся рухі, якія ставілі на мэце незалежнасць. Асобныя з іх існуюць дагэтуль, іншыя заняпалі ці сталі больш асцярожнымі і змякчылі рыторыку.
У 90-я гады такія рухі існавалі ў наступных рэспубліках:
1. Чачня – абвяшчэнне незалежнасці ў 1991 г.; дэ-факта незалежная да 2000 г.
2. Татарстан – курс кіраўніцтва на незалежнасць да 1994 г.; партыя «Згода» і інш.
3. Чувашыя – Партыя чувашскага нацыянальнага адраджэння.
4. Марый Эл – арганізацыя «Зямля продкаў».
5. Башкірыя – Башкірская народная партыя, Саюз башкірскай моладзі і інш.
6. Комі – Партыя самастойнасці комі, партыя «Абаронім сябе».
7. Дагестан – Партыя незалежнасці і адраджэння Дагестана.
8. Тува – Народны фронт «Свабодная Тува», Народная партыя суверэннай Тувы.
9. Бурація – Бурат-Мангольская народная партыя і інш.
10. Карэлія – арганізацыя «Карэльскі рух» і інш.
Калі казаць пра мірнае самавызначэнне, то яго прыхільнікі мусілі б спачатку выйграць выбары ў рэгіёне. Зразумела, у цяперашніх умовах такі сцэнар нерэалістычны.
Наколькі гэта магчыма пры змене рэжыму?
Тэарэтычна, шансы ёсць толькі ў тых рэгіёнах, дзе большасць маюць прадстаўнікі тытульных народаў. Другой умовай з’яўляецца наяўнасць незалежніцкіх традыцый. Сёння пад гэтыя ўмовы падпадаюць толькі чатыры рэгіёны: Чачня, Татарстан, Чувашыя і Тува. І сітуацыя, як было сказана, у бліжэйшай будучыні наўрад ці зменіцца. Характэрна, што менавіта ў іх прыхільнікі незалежнасці ў 90-я знаходзіліся ва ўладзе або ледзьве да яе не прыйшлі. Нядаўняя гісторыя Чачні і Татарстана добра вядомая. Менш вядома пра Чувашыю і Туву.
У 1991 г. узнік Народны фронт «Свабодная Тува», які ставіў на мэце аднаўленне незалежнасці, страчанай у 1944 г. Створаная на яго аснове Народная партыя суверэннай Тувы ў 1993 г. выйграла выбары па партыйных спісах, набраўшы 60 % галасоў. Потым гэтыя настроі пайшлі на спад, але, па сведчаннях, у рэспубліцы захоўваецца напружанасць у міжэтнічных адносінах.
У Чувашыі ў 1991 г. лідар мясцовых нацыяналістаў Атнер Хузангай фактычна перамог у другім туры прэзідэнцкіх выбараў, набраўшы 46,4 %. Але каб стаць прэзідэнтам, яму не хапіла 0,7 % – менавіта на столькі аказалася больш галасоў «супраць». Пасля гэтага на правядзенне выбараў на некалькі гадоў быў уведзены мараторый. У наступным нацыянальны рух тут маргіналізаваўся.
Падаецца, менавіта гэтыя чатыры рэспублікі захоўваюць найбольшы патэнцыял для аднаўлення такога кшталту настрояў. Хаця самым жывым на сёння выглядае башкірскі нацыянальны рух. У Башкірыі працягваюць актыўна дзейнічаць некалькі арганізацый, прычым здольных збіраць масавыя акцыі. Тым не менш, башкірам у перспектыве мала што свеціць, бо іх доля ў насельніцтве рэспублікі меншая за 30 %, і дасягнуць поспеху названыя арганізацыі маглі б толькі пры блакаванні з татарскімі, з якімі ў 90-я гг. у іх былі вялікія рознагалосіі (зрэшты, адна з татарскіх партый іх падтрымлівала). Акрамя пералічаных, ідэі незалежнасці выказвалі асобныя актывісты нацыянальных рухаў на Паўночным Каўказе, але за выключэннем Дагестана нідзе больш гэта не было афіцыйнай мэтай існаваўшых там у 90-я гг. партый і арганізацый. У Дагестане ж была спроба блакавання прыхільнікаў нацыянальных рухаў розных народаў, але потым усё патанула ў рознагалоссях і канфліктах за зямлю і на сёння наўрад ці выглядае магчымым.

Азначаныя «праблемныя» рэгіёны складаюць менш за 3 % тэрыторыі Расіі, жыве там каля 10 % насельніцтва. Магчымая іх страта, відавочна, не азначала б яе «распаду». Але, як паказвае нядаўняя гісторыя, нават адзін сур’ёзны канфлікт на гэтай глебе можа стварыць вялікія праблемы. Каб гэтага пазбегнуць, ужо сёння прадпрымаюцца спробы асіміляцыі іншых народаў (абмежаванні ў атрыманні адукацыі на іншых мовах, згортванне іх выкладання). Але ў дачыненні да большасці народаў, асабліва да «іншаверцаў», такая палітыка наўрад ці будзе паспяховай і, хутчэй, можа зрабіць толькі больш адчувальнымі нацыянальныя пытанні.